КО́ЛЬКАСНЫ АНА́ЛІЗ,

сукупнасць фіз. і фізіка-хім. метадаў вызначэння колькасці ці колькасных суадносін кампанентаў у аналізуемым узоры; адзін з асн. раздзелаў аналітычнай хіміі. Кампанентамі, якія неабходна вызначыць, могуць быць атамы, ізатопы, малекулы, функцыян. групы, іоны, фазы і інш. (гл. Элементны аналіз, Функцыянальны аналіз). Класічныя метады К.а. — гравіметрычны аналіз і аб’ёмны аналіз.

У К.а. карыстаюцца інстр. метадамі, якія заснаваны на залежнасці фіз. і фізіка-хім. уласцівасцей рэчываў ад іх саставу і падзяляюцца на электрахім., спектральныя ці аптычныя, рэнтгенаўскія, храматаграфічныя, мас-спектраметрычныя і інш. Методыка К.а. рэгламентуе стадыі правядзення аналізу: адбор пробы; падрыхтоўка пробы да аналізу; вымярэнне аналіт. сігналу — фіз. велічыні (аптычнай шчыльнасці, інтэнсіўнасці спектральнай лініі і інш), што карэліруе з колькасцю вызначаемага кампанента; разлік вынікаў аналізу. Ствараюцца і камп’ютэрызаваныя экспрэсныя метады аналізу з высокай адчувальнасцю, дакладнасцю і ўзнаўляльнасцю.

Л.​М.​Скрыпнічэнка.

т. 8, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)